Карбалевіч: «Было б нядрэнна, каб пад сістэму гарантый трапілі не толькі Украіна, але і іншыя дзяржавы рэгіёну, у тым ліку і Беларусь»

Пра небяспеку міра любой цаной піша на Радыё Свабода палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч

— Што б там не казалі адносна непасьлядоўнасьці дзеяньняў Дональда Трампа, менавіта ён запусьціў працэс перамоваў аб міры ва Ўкраіне, вынес гэтае пытаньне ў міжнародны парадак дня амаль як галоўнае. Стала відавочна, што абодва бакі канфлікту шукаюць выйсьце з тупіку, у які зайшла вайна.

Але жаданьне дасягнуць замірэньня як мага хутчэй і за ўсякую цану можа абярнуцца непрыемнымі наступствамі. Сьпехам падпісаная мірная дамова можа паўтарыць лёс Менскіх пагадненьняў 2015 года, якія так і не былі рэалізаваныя.

Чаму такі лёс спазналі пагадненьне, падпісаныя ў беларускай сталіцы 10 гадоў таму? Саміт у Менску адбываўся ў момант, калі на ўсходзе Ўкраіны ішлі цяжкія баі, расейцы мелі вялікую перавагу. Тагачасны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка быў вымушаны падпісаць сыры дакумэнт, каб спыніць вайну, бо была рызыка страціць увесь Данбас.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, якія выступалі пасярэднікамі, імкнуліся любым коштам атрымаць нейкі вынік. Гэта было пытаньне прэстыжу. У выніку дакумэнты, прынятыя ў беларускай сталіцы, аказаліся дрэнна прапрацаваныя, ня мелі дакладнага мэханізму выкананьня.

Ня дзіва, што Кіеў і Масква па-рознаму іх трактавалі. То бок Менскія пагадненьні былі мёртванароджаныя з самага пачатку, там былі закладзеныя міны, які ўзарваліся ў 2022 годзе. Ёсьць небясьпека, што гэтая гісторыя можа паўтарыцца цяпер.

Трамп прысьпешвае бакі, цісьне, каб яны хутчэй дамовіліся аб міры. Кіеў вымушаны ісьці на невыгодныя кампрамісы, бо ёсьць небясьпека, што расейцы ў ходзе наступу захопяць большыя ўкраінскія тэрыторыі, чым маюць сёньня.

І Эўропа стамілася ад вайны і падтрымкі Ўкраіны. Усе хочуць прыняць нейкі дакумэнт, які спыніў бы гэты жах. Але як ён будзе выконвацца? Ці будуць працаваць тыя мэханізмы, якія павінны забясьпечыць захаваньне пасьляваеннага міру?

Не выпадкова цяпер абмяркоўваецца тэма гарантыяў бясьпекі для Ўкраіны ў выпадку замірэньня. Тут мы маем поўнае несупадзеньне пазыцый Расеі і Ўкраіны, заходніх краін. Кіеў разьлічвае, што гарантыі з боку Захаду будуць амаль роўныя тым, якія маюць чальцы NATO. Украінскае кіраўніцтва імкнецца забясьпечыць прысутнасьць войскаў эўрапейскіх краін на сваёй тэрыторыі.

Расея ж катэгарычна супраць прысутнасьці войск краін-чальцоў NATO ва Ўкраіне. Масква выступае за тое, каб гарантыяй бясьпекі Ўкраіне былі сталыя сябры Рады бясьпекі ААН, у тым ліку Кітай і Расея.

Пазыцыя дзіўная. Бо ўвесь сэнс гэтай сыстэмы гарантый палягае ў тым, каб перадухіліць новую агрэсію Расеі супраць Украіны. А Масква прапануе ўкраінскай дзяржаве гарантыю ад самой сябе?! Гэта падобна на Будапэшцкі мэмарандум, у якім ядзерныя дзяржавы, у тым ліку Расея, гарантавалі бясьпеку Ўкраіне, Беларусі. У выніку гэта дакумэнт апынуўся пустой паперай.

Аляксандр Лукашэнка ў размове з журналістамі беларускіх дзяржаўных мэдыяў 22 жніўня адказваў на пытаньне пра ролю Беларусі ў гарантыях бясьпекі, месца краіны ў рэгіёне ў пасьляваенны час.

Ягоныя развагі былі даволі блытаныя. Зь іх вынікае, што Беларусь гатовая «падключыцца» да перамоваў на гэтую тэму. Але пакуль дрэнна разумее, што, каму і навошта варта гарантаваць.

Калі ідзецца пра гарантыі для Ўкраіны, то чаго яны вартыя? Лукашэнка раней шмат разоў цьвёрда абяцаў, што зь беларускай тэрыторыі паўднёвай суседцы няма і ня будзе ніякіх пагрозаў. Ён запэўніваў, што прыедзе да ўкраінцаў не на танку, а на трактары.

Нагадаю, што ў дзейнай Канстытуцыі Беларусі ёсьць артыкул 18, у якім гаворыцца: «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў». Што з гэтых гарантыяў атрымалася ў лютым 2022 году? Расейскія войскі ўварваліся ва Ўкраіну і зь тэрыторыі Беларусі.

З развагаў Лукашэнкі вынікае, што варта было б неяк і Беларусі атрымаць гарантыі бясьпекі. Але адкуль, зь якога боку існуе пагроза?

Дзіўным чынам ён гаворыць, што Ўкраіна па выніках вайны не павінна быць «агрэсіўнай краінай, каб гэта не было пляцдармам для нападу на нас у будучыні». То бок пераварочвае ўсю лёгіку рэгіянальнай бясьпекі з ног дагары.

Адзінай краінай, якая пагражае беларускаму сувэрэнітэту, ёсьць Расея. У 2002 годзе Ўладзімір Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі. У 2018-2020 гадах Крэмль вельмі настойліва штурхаў Менск да «паглыбленьня інтэграцыі» з дапамогай 31 карты, патрабаваў стварэньня наднацыянальных органаў улады, пераходу на адзіную валюту і інш.

Таму было б нядрэнна, каб пад сыстэму гарантый трапілі ня толькі Ўкраіна, але і іншыя дзяржавы рэгіёну: краіны Балтыі, Малдова, у тым ліку і Беларусь.

У любым выпадку ўдзел Беларусі ў абмеркаваньні сыстэмы рэгіянальнай бясьпекі выгодны Лукашэнку. Бо гэта выводзіла б ягоны рэжым зь ізаляцыі, легітымізавала яго, падвысіла б міжнародную вагу. Адначасова і суб’ектнасьць Беларусі як краіны павялічылася б.

Але любыя гарантыі маюць сэнс, толькі калі прадугледжваюць жорсткае пакараньне парушальніку дамовы. Ва ўкраінскай гісторыі гэтага не адбылося. Якія ёсьць перадумовы меркаваць, што ў наступным выпадку агрэсар будзе пакараны?

Іх няма. Бо функцыянальнасьць сыстэмы міжнароднага права пастаўленая пад сумненьне. Ва ўмоўнага «калектыўнага Захаду» няма рэсурсаў ці, хутчэй, палітычнай волі нанесьці паразу агрэсару.

Новага балянсу сілаў хоць бы паміж вялікімі дзяржавамі, які мог бы забясьпечваць пэўную раўнавагу, ня склалася. У такіх умовах верагоднае зьяўленьне новага выданьня «Менскіх пагадненьняў» з такой жа сумнай пэрспэктывай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.6(5)