Политика

Карбалевіч: «Вонкавая палітыка Беларусі набывае ўсё больш дзівосныя формы»

Нечаканая актыўная дыпляматычная падтрымка афіцыйным Менскам Азэрбайджану ў ягоным канфлікце з Іранам выглядае дзіўна. Падаецца, што такім чынам Лукашэнка падае ўскосны сыгнал ЗША, дэманструючы, на чыім баку Беларусь у гэтай блізкаўсходняй вайне, піша на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Кіраўнікі Беларусі і Азэрбайджану Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў. Баку, 16 траўня 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

Дыпляматычная спэцапэрацыя

Атака Ізраіля і ЗША на Іран стала трыгерам вайны на ўсім Блізкім Усходзе, прывяла ў рух усю сыстэму міжнародных адносін, моцна ажывіла, актывізавала дыпляматыю. Гэта тычыцца і Беларусі.

Вонкавая палітыка Беларусі набывае ўсё больш дзівосныя формы.

5 сакавіка іранскі дрон патрапіў у будынак аэрапорту ў Нахічэвані, а другі бесьпілётнік упаў на тэрыторыі сяла. Сам Іран зьняпраўдзіў датычнасьць да гэтых здарэньняў. Аднак рэакцыя афіцыйнага Менску на падзеі вакол Ірана аказалася шматплянавай і супярэчлівай. І працягвае выяўляць усё новыя грані.

Нечаканая актыўная дыпляматычная падтрымка Азэрбайджану стала добрай ілюстрацыяй гэтай супярэчлівасьці.

6-7 сакавіка высокія беларускія чыноўнікі кінулі сваю працу і нечакана заклапаціліся праблемай бясьпекі Азэрбайджану. Падтрымку і салідарнасьць з гэтай краінай за два дні выказалі прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандр Турчын, міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў, старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, міністар абароны Віктар Хрэнін, начальнік Генштабу Павел Муравейка. Яны адмыслова патэлефанавалі сваім калегам у Баку, каб падтрымаць «сяброўскі азэрбайджанскі народ».

Валер Карбалевіч

Дзіўнымі тут падаюцца некалькі рэчаў. Найперш, афіцыйны Менск падтрымлівае сяброўскія адносіны з абедзьвюма краінамі, якія цяпер уступілі ў канфлікт: і з Азэрбайджанам, і з Іранам. Але кіраўніцтва Беларусі выступіла ў падтрымку азэрбайджанскага боку. Хоць захаваньне нэўтралітэту ў гэтым супрацьстаяньні выглядала б цалкам лягічным.

Затым, сама падстава для праявы салідарнасьці з Азэрбайджанам выглядае ў пэўным сэнсе дробнай і штучнай.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, падчас тэлефанаваньня беларускіх чыноўнікаў азэрбайджанскім калегам згаданыя падзеі названыя «інцыдэнтам». То бок не «ваенным нападам» ці «атакай», а такім нявінным вызначэньнем. Дык такія «інцыдэнты» з расейскімі дронамі на тэрыторыі Беларусі здараюцца апошнія два гады рэгулярна. 29 ліпеня 2025 году бесьпілётнік упаў у цэнтры Менску. І ніякіх дыпляматычных захадаў іншых краін з такой нагоды не было.

Праўда, азэрбайджанскія ўлады аб’явілі, што перадухілілі тэракты на нафтаправодзе, якія нібыта рыхтавалі іранскія вайскоўцы, але незразумела, у якой ступені гэтая інфармацыя праўдзівая.

Варта адзначыць, што іншых «сяброў» беларускіх уладаў — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Аман — Іран атакуе больш маштабна, ня толькі дронамі, але і ракетамі. Аднак іх падтрымка з боку афіцыйнага Менску выглядае даволі сьціплай. Было тэлефанаваньне міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова кіраўнікам МЗС гэтых краін — і ўсё.

Маштаб «інцыдэнту» і аб’ём дыпляматычных высілак — своеасаблівая «спэцапэрацыя» — яўна не карэлююць адно з другім. Таму ўзьнікае натуральнае пытаньне: што гэта ўсё значыць?

Сыгнал ЗША

Можна прапанаваць некалькі тлумачэньняў. Найперш, маштаб супрацоўніцтва Беларусі з Азэрбайджанам большы, чым з Іранам. Аляксандра Лукашэнку і Ільхама Аліева зьвязваюць даўнія сяброўскія адносіны. Сьвецкі азэрбайджанскі рэжым больш зразумелы беларускаму кіраўніцтву, чым іранская тэакратыя.

Аднак, падаецца, тут дзейнічае яшчэ адзін чыньнік, які зьявіўся ня так даўно. Гэта такі ўскосны сыгнал ЗША, які павінен прадэманстраваць, на чыім баку Беларусь у гэтай блізкаўсходняй вайне. Такім прыязным жэстам у бок Азэрбайджану Менск паказвае, што не падтрымлівае Іран. Насуперак таму, што Аляксандар Лукашэнка казаў падчас сустрэчы з амбасадарам Ірану праз тры дні пасьля ліквідацыі аяталы Алі Хамэнэі.

Варта зьвярнуць увагу вось на што. Азэрбайджан апошнім часам дыстанцыюецца ад Расеі, якая, у сваю чаргу, дапамагае Ірану. Паводле амэрыканскіх крыніц, Масква прадставіла Тэгерану выведную інфармацыю наконт ваенных баз ЗША на Блізкім Усходзе . Азэрбайджан мае сяброўскія адносіны з Ізраілем.

Таксама Азэрбайджан актыўна разьвівае дачыненьні з ЗША. Гэтая краіна (як і Беларусь) далучылася да Рады міру, створанай Дональдам Трампам. Але, у адрозьненьне ад Аляксандра Лукашэнкі, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў у Давосе падпісаў «Статут Рады міру», а таксама наведаў Вашынгтон для ўдзелу ў першым паседжаньні гэтай арганізацыі. Зусім нядаўна ў Баку зь візытам пабываў віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй Ды Вэнс, бакі дамовіліся аб супрацоўніцтве ў ваенна-тэхнічнай сфэры.

Таму, можна меркаваць, такая беларуская дыпляматычная актыўнасьць на азэрбайджанскім кірунку павінна стварыць спрыяльныя вонкавыя ўмовы для перамоваў з ЗША.

Лягічна здаць пытаньне: навошта такая складаная схема? Адказ просты: каб не выклікаць раздражненьне Крамля. Таму сыгнал перадаецца не наўпрост.

Іншая справа, што сэнс гэтага дыпляматычнага жэсту можа не дайсьці да адрасата, і Вашынгтон яго не заўважыць. Тым ня менш можам зафіксаваць, што ў Менск вяртаецца дыпляматыя, якая зь 2020 году фактычна зьнікла.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(1)