Красулін: «Ужо складаецца ўражанне, што беларусы — гэта нацыя з заблюранымі тварамі»

Гісторык — пра тое, як рэжымы ваююць з эміграцыяй.

Рэжым Лукашэнкі працягвае пераслед беларусаў, якія з’ехалі з краіны пасля падзей 2020 года. Улады тым ці іншым чынам спрабуюць або дацягнуцца да апанентаў, каб іх выдалі іншыя краіны, альбо дыскрэдытаваць дзейнасць апазіцыйных структур, фондаў узаемадапамогі і асобных актывістаў, або ладзіць правакацыі, каб пагоршылася стаўленне да беларусаў за мяжой. 

Чаму для рэжыму гэта прынцыпова важна і ці ўяўляе з сябе эміграцыя рэальную сілу, разважае гісторык Яўген Красулін.

— Беларусы зацыкленыя на сабе, не бачаць тое, што адбывалася раней, тое, што адбываецца вакол іх — няма ведання сусветнага досведу. І гэта адна з найвялікшых нашых хібаў, якая дазваляе маніпуляваць намі, прыводзіць нас у роспач, — зазначае Красулін у эфіры Еўрарадыё.

Яўген Красулін

— Насамрэч сусветная практыка важная. У мяне часта пытаюцца, ці можа эміграцыя, урад у выгнанні ўплываць на сітуацыю ў краіне, потым вяртацца ў сваю дзяржаву і нешта там рабіць карыснае — дык вось выяўляецца, што такіх гісторый досыць шмат.

На маю думку, у бліжэйшыя 5-10 год будзе надзённай задачай даследаваць сітуацыю з беларускай апазіцыяй яшчэ да 2020 года — што адбывалася сапраўды, а што падавалася як карцінка, каб выклікаць у нас пэўныя ўяўленні і ўплываць на наш выбар. І самае галоўнае — асэнсаваць 2020 год і што адбывалася далей.

Аднак перад гэтым трэба зноўку паглядзець: а што было ў іншых? У гісторыі даволі многа падобных выпадкаў, калі вялікая колькасць людзей была вымушаная пакінуць сваю дзяржаву з тых ці іншых падстаў. Як яны развіваліся ў чужародным асяродку, якія былі выклікі, якія магчымасці і якімі былі вынікі іхняй дзейнасці — гэта ўсё вельмі цікава.

Прыкладам, Чылі — пасля падзення рэжыму Сальвадора Альендэ і прыходу да ўлады Піначэта. Тады вялікі адсотак з’ехаў, эміграцыя пасля 1973 года ацэньваецца недзе ў 200 тысяч чалавек, гэта каля 2%. За мяжой гэтыя людзі ператварыліся ў моцнае антыпіначэтаўскае лобі, яно ўздзейнічала ў тым ліку на прыняцце рашэнняў ЗША.

І гэта прывяло да таго, што ў канцы 1980-х пад ціскам і гэтай апазіцыі з-за мяжы, і міжнароднай супольнасці на чале з ЗША (у гэтым удзельнічаў і Ватыкан, Папа Рымскі Ян Павел ІІ) рэжым вымушаны быў знізіць ціск на грамадства, знізіць цэнзуру ў медыя напярэдадні рэферэндуму наконт падаўжэння ўлады Піначэта. У выніку Піначэт гэты рэферэндум прайграў. І быў вымушаны сысці пад ціскам. Вось вам станоўчы досвед уплыву эміграцыі на перамены ў краіне.

Безумоўна, працягвае Яўген Красулін, што ані піначэтаўскаму рэжыму тое не падабалася, ані сучасным падобным рэжымам. І яны выкарыстоўваюць цэлы комплекс інструментаў, каб зменшыць магчымасці эміграцыі, дэмакратычных сіл паўплываць на перамены ў сваіх краінах.

Як гэта можа быць, гаворыць навуковец, апісана ў прыватнасці ў кнізе The Arab Spring Abroud Даны Мос:

— Чытаеш — і там проста тое самае, што адбываецца з намі цяпер, тыя ж самыя негатыўныя моманты. Напрыклад, як тая атмасфера страху, якая ідзе ад рэжыму Лукашэнкі, уплывае на правядзенне акцый пратэсту нават у замежжы, дзе быццам бы бяспечна: людзі выходзяць у масках, альбо не выходзяць увогуле, і ўжо складаецца ўражанне, што беларусы — гэта нацыя з заблюранымі тварамі.

З лівійцамі было тое самае. Адзін з герояў кнігі распавядаў: «Мы баімся паказаць свой твар, бо — рэпрэсіі супраць родзічаў у Лівіі, канфіскацыі маёмасці, пазбаўленне грамадзянства, забойствы». І гэта, безумоўна, уплывае — і дазваляе рэжыму ствараць зручную карцінку «як жыве эміграцыя». Хоць тая і не адпавядае рэчаіснасці.

Спрабуючы пераканаць грамадства, што эміграцыя «адарвалася ад народу», ні на што не здатная і ні на што не ўплывае, дадае гісторык, рэжым тым не працягвае змагацца з ёй.

Часам ствараецца ўражанне, што ніякай стратэгіі ў рэжыму няма, толькі кпіць пры выпадку — маўляў, глядзіце, зноў пасварыліся, грошы дзеляць, не пушчаюць адзін аднаго да замежных палітыкаў.

Але ўсё гэта з’яўляецца насамрэч часткай вялікай стратэгіі, якая існуе даўно. Гэта не вынаходніцтва Лукашэнкі або савецкага рэжыму, ёй ужо добрых 2500 год.

— Інструменты яе апісаны яшчэ ў кнізе старажытнага кітайскага стратэга Сунь Цзы «Законы вайны», а асноўная ідэя ў тым, што самая лепшая вайна — тая, якая не адбылася.

А што трэба зрабіць, каб не прыбягаць да выкарыстання ўзброенай сілы? Разбіць стратэгію ворага, яго саюзы.

Чытаеш — і зноўку, як пра нас напісана. Што, дарэчы, паказвае: чалавек не змяняецца з цягам часу, як не змяняюцца і законы вайны. І мы бачым, як рэжымы пачынаюць з таго, што разбіваюць стратэгіі сваіх праціўнікаў.

Напрыклад, калі стратэгія беларускіх дэмакратычных сіл — дамагчыся спынення рэпрэсій, вызвалення палітвязняў, правядзення свабодных і справядлівых выбараў, якія не дадуць усталявання рэжыму, падобнага таму, што пануе цяпер у Беларусі і дазволяць беларусам камфортна жыць у Беларусі.

Што робіць рэжым — ён разбівае гэтую стратэгію, прасоўвае ілжывыя мэты.

Напрыклад, падкідвае ідэю, што галоўнае вызваліць палітвязняў, а ўсё астатняе — лухта. Тое, што гэтага немагчыма дасягнуць пры захаванні рэжыму — замоўчваецца. Аднак, каб палітвязняў больш не было, трэба, каб не было ўмоў для іх узнікнення, інакш адпусцяць адных — возьмуць іншых, што рэжым увесь час і дэманструе.

І так па ўсіх пунктах: разарваць сувязі грамадства і лідараў, разбурыць стратэгію, разбіць саюзы праціўніка, пераканаць, што апазіцыя толькі і можа, што ладзіць, пардон, «бульбасрач», абудзіць зайздрасць, напрыклад, раздзімаючы тэму грантаў.

Ці ёсць рэцэпты з гісторыі, як супрацьстаяць рэжымным спробам знішчыць апазіцыю?

— Задаваць нязручныя пытанні, — адказвае Яўген Красулін. — Скажам, калі з’яўляецца інфармацыя пра тое, што вось у апазіцыйных структурах скралі сто-дзвесце тысяч еўра і г.д., задаем пытанні: хто скраў, у каго, адкуль сцвярджэнне, што менавіта скралі, бо судовых працэсаў не было — і пачынаем высвятляць, крок за крокам, крытычна глядзець на тое, што нам падкідваюць.

Тады пачынаеш бачыць, дзе цябе спрабуюць «схапіць за мяккае месца», і разумець, што галоўная мэта — разбурыць сувязь паміж беларусамі і дэмакратычнымі сіламі. А  гэта робіцца дзеля таго, каб захаваць уладу рэжыму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(16)