Политика

Новы сьпікер КС Арцём Брухан: «Разумею, што будуць размовы пра маё мінулае»

У размове з Свабодай Арцём Брухан расказаў пра сваё стаўленьне да Анжалікі Мельнікавай і яе зьнікненьня, адносіны з Паўлам Латушкам і галоўную праблему Каардынацыйнай рады.

Арцём Брухан падчас канфэрэнцыі ў Вільні, 2024 год

Арцём Брухан, 34 гады. Нарадзіўся ў Берасьці ў сям’і настаўніцы музычнай школы і бізнэсоўца. Скончыў гістарычны факультэт Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, пасьля магістратуру там жа, дадаткова атрымаў эканамічную адукацыю ў берасьцейскім філіяле БДУ. Працаваў грузчыкам, пасьля ў музэі Берасьцейскай крэпасьці, адкуль перайшоў у Берасьцейскі аблвыканкам, дзе займаўся пытаньнямі захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны. Пайшоў з пасады чыноўніка ўвосень 2021 году, пасьля гібелі Рамана Бандарэнкі, неўзабаве зьехаў у Польшчу. Жыве ў Варшаве.

Цікавіцца адзінаборствамі, футболам, гуляе ў кампутарныя гульні. Валодае беларускай, ангельскай, польскай, расейскай, крыху францускай мовамі. Жанаты, дзяцей няма.

14 траўня Арцёма Брухана абралі сьпікерам Каардынацыйнай рады, у выбарах ён удзельнічаў ад фракцыі «Каманда Латушкі і рух „За свабоду“». Арцём Брухан перамог Аляксандра Кныровіча, які прадстаўляў фракцыю «Беларусы», з вынікам 50 галасоў за Брухана і 11 за Кныровіча.

Іншых кандыдатаў на пасаду сьпікера не было.

У размове з Свабодай Арцём Брухан расказаў пра сваё стаўленьне да гісторыі зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай, яго ўплыў на дзейнасьць і фінансаваньне КР, а таксама пра свае адносіны з Паўлам Латушкам.

«У Каардынацыйнай радзе ідуць дыскусіі наконт зьнікненьня Мельнікавай»

— Скажыце, трапіць на пасаду сьпікера Каардынацыйнай рады было вашай ідэяй або нехта іншы вас да гэтага падштурхнуў? Як так атрымалася?

— Папраўдзе, калі я быў яшчэ каардынатарам штабу выбарчага сьпісу каманды Паўла Латушкі, я разглядаў такую магчымасьць. У нас унутры фракцыі былі кансультацыі. Але тады мы прынялі рашэньне, каб сьпікеркай стала Анжаліка Мельнікава.

Цяпер, калі склалася такая сытуацыя, я адчуваў адказнасьць у тым ліку за Каардынацыйную раду як інстытут. Прапанаваць сваю кандыдатуру было маёй ідэяй. Разумеў, што калі раней ніхто не хацеў, то і зараз так будзе. Усе пагадзіліся з маёй кандыдатурай, не было галасоў супраць. Таму я быў накіраваны на выбары сьпікера ад фракцыі. Іншых кандыдатураў ад нашай фракцыі не было.

— Што зараз гавораць у Каардынацыйнай радзе пра сытуацыю з Анжалікай Мельнкіавай? Магчыма, ёсьць новая інфармацыя пра тое, што зь ёю здарылася?

— На жаль, ніякай новай інфармацыі пра лёс Анжалікі няма. Акрамя таго, што ўжо было ў мэдыя. Ні я не валодаю новай інфармацыяй, ні нехта іншы ў Каардынацыйнай радзе. Толькі тое, што ўсе мы ведаем з СМІ. Польскія спэцслужбы таксама ня дзеляцца пакуль сваімі зьвесткамі. Няма нічога новага.

— Як выглядала вашая камунікацыя зь Мельнікавай да яе зьнікненьня? Вы шмат кантактавалі?

— Дастаткова шмат. Я магу сказаць, што Анжаліка вельмі зараджаны чалавек. Яна працуе на вынік, умее працаваць, валодае камунікацыйнымі здольнасьцямі. Яна прафэсіянал сваёй справы. Калі бярэцца за нейкую справу, то робіць яе добра.

Я не магу пра яе сказаць ніякіх дрэнных словаў. Апошні раз мы зь ёю кантактавалі ўжывую ў канцы лютага, недзе ў 20 днях гэта было. 20 ці 22 лютага. Праз Тэлеграм апошні раз я зь ёю спісваўся 22 ці 23 сакавіка.

— А што ў Каардынацыйнай радзе непублічна кажуць пра гэтую гісторыю? Яе абмяркоўваюць?

— Зразумела. Ёсьць размовы, дыскусіі. Людзі выстройваюць розныя вэрсіі. Гэта нармальная рэакцыя на такія падзеі. Але як інстытут Каардынацыйная рада працягвае працу. Стася Гліньнік як выканаўца абавязкаў сьпікеркі даволі прафэсійна замяняла Анжаілку. Мне падаецца, агулам на інстытут гісторыя зь Мельнікавай мела ўплыў. Але не адбылося так, што зьнікла сьпікерка і ўсё парушылася. Дыскусіі ідуць.

Створаная працоўная група ў межах Каарыднацыйнай рады, якая апрацоўвае інфармацыю на гэтую тэму. Зразумела, зьнікненьне сьпікеркі ўплывае ў кожным разе, але каб гэта паралізавала Каардынацыйную раду, то я б не сказаў.

— Разам з Анжалікай Мельнікавай, як мяркуецца, зьніклі і сродкі, прызначаныя на дзейнасьць Каардынацыйнай рады. Гэта неяк адаб’ецца на працэсах? Што гэта былі за грошы?

— Я не займаўся рыхтаваньнем праекту, у якім былі атрыманыя гэтыя грошы. Але з таго, што я ведаю, магу сказаць, што гэтыя грошы былі прызначаныя на аплату працы мэдыякаманды, часткова на працу сакратарыяту, часткова на паездкі чальцоў Каардынацыйнай рады яны павінны былі пайсьці.

Мне пакуль складана сказаць, што будзе бяз гэтых грошай, я толькі першы дзень на пасадзе сьпікера. Трэба разабрацца, уключыцца ў справы.

— Ці ведаеце вы, хто пералічваў грошы на дзейнасьць Каардынацыйнай рады? Ці захаваецца фінансаваньне пасьля таго, як Анжаліка Мельнікава зьнікла?

— Гэта была донарская крыніца фінансаваньня. Я не магу дакладна сказаць, якая менавіта. Мне расказвалі пра гэта, але сам я дакумэнтаў не бачыў, таму не магу дакладна пацьвердзіць. Пакуль ня ведаю, ці ёсьць нейкая дамоўленасьць з гэтай арганізацыяй аб разгалошваньні яе назвы і сумаў. Таму не магу раскрыць усё.

У мяне будуць сустрэчы з прадстаўнікамі гэтай арганізацыі, будуць кансультацыі. Пасьля іх стане больш зразумелым, што будзе далей зь фінансаваньнем дзейнасьці Каардынацыйнай рады. Прынамсі, я так спадзяюся.

— Адна з вэрсіяў сытуацыі зь Мельнікавай — гвалтоўнае зьнікненьне. Магчымае выкраданьне спэцслужбамі з тэрыторыі іншай краіны або ў выніку шантажу. Што вы пра гэта думаеце? Ці не турбуецеся зараз за сваё жыцьцё дадаткова?

— Зразумела, я разважаў пра гэта. Думаю, што кожны чалавек так рабіў бы. Але рызыкі для чальцоў Каардынацыйнай рады былі і раней. Пагрозы былі. 257 крымінальных справаў у Беларусі заведзена, да блізкіх і родных усіх, хто стартаваў на выбарах, прыходзілі сілавікі. Прыходзілі асабістыя пагрозы.

Мяркую, усе, хто зараз займаецца палітычнай дзейнасьцю адкрыта, павінны разумець небясьпеку. Ціск і пагрозы будуць. Наколькі яны ўзмоцняцца, наколькі будуць крытычнымі — пабачым. Думаю, можа быць шантаж, нешта іншае. Маральна я гатовы.

— Якая ваша вэрсія прычынаў зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай? Што зь ёю здарылася?

— Ведаеце, я ўсё ж паспрабую не ўваходзіць у абмеркаваньне вэрсіяў. Іх вельмі шмат, і да нейкай адной мне схіліцца складана. Я ўсё ж чакаў бы фактаў і вэрсіяў афіцыйных сьледчых органаў.

«Ня трэба цкаваць тых, хто перайшоў з іншага лягеру»

— Арцём, вы былы чыноўнік. Працавалі ў аблвыканкаме, на сярэдніх пасадах, але ўсё адно былі чыноўнікам. Ня думаеце, што зараз шмат хто вам будзе гэта ўзгадваць?

— Я на гэта скажу так — у дэмакратычным, апазыцыйным руху я ўжо больш часу, чым быў чыноўнікам у аблвыканкаме. Разумею, што гэта мне будуць узгадваць. Але калі нехта з Каардынацыйнай рады таксама так думае, то ён мог бы сябе прапанаваць на пасаду сьпікера. Рэалізаваць тут свой даўні апазыцыйны досьвед.

Разумею, што размовы пра маё мінулае будуць. Але я заўсёды хацеў бы даводзіць, што ня трэба цкаваць тых, хто перайшоў з іншага лягеру. Гэтае цкаваньне ня будзе матываваць тых, хто дагэтуль на іншым баку. Хто вагаецца і думае пра тое, каб далучыцца да дэмакратычнага руху. Гэта дэструктыўна.

Разумею, чаму людзі будуць узгадваць маю працу ў аблвыканкаме. Але хацеў бы сваёй дзейнасьцю гэтыя закіды нівэляваць. Лічу, што я і ў аблвыканкаме працаваў на карысьць Беларусі, займаўся там захаваньнем гісторыка-культурнай спадчыны. Людзей я ня біў і не катаваў.

— Якая зараз найбольшая праблема Каардынацыйнай рады? Што вы хацелі б зьмяніць?

— Тое, што мы знаходзімся ў складанай сытуацыі, калі няма ўзаемнага даверу, устойлівасьці арганізацыі. Каардынацыйная рада можа проста пачаць развальвацца, людзі перастануць галасаваць, усё сыдзе ў нуль. Расчаравацца ў дзейнасьці Каардынацыйнай рады могуць нават яе чальцы, а ня толькі людзі звонку.

Але калі я ўчора паглядзеў на вынікі кадравага галасаваньня, на вынікі галасаваньня аб зьменах у Статуце, то гэта было прыемна для мяне. Была актывізацыя людзей, мабілізацыя. Раней актыўнасьць вельмі малая была, часам нават не было кворуму ў нейкіх пытаньнях. Зараз людзі зноў пачалі прымаць удзел у працы, дэбаты прайшлі.

— Што вы будзеце рабіць зараз пасьля абраньня, якімі будуць вашыя першыя крокі?

— Каардынацыйная рада ў дзейнасьці кіруецца Статутам. Паўнамоцтвы сьпікера ня тое каб абмежаваныя, але гэта не кіраўнік. Гэта чалавек, які кіруе паседжаньнямі. Буду спрабаваць рабіць так, каб усе ініцыятывы, якія паступаюць ад фракцыяў, не зьнікалі. Буду спрабаваць дапамагаць ім.

Я агучыў тры пункты праграмы падчас выбараў сьпікера. Хачу стварыць для Каардынацыйнай рады юрыдычную асобу, каб не паўтарылася сытуацыя, якая паўстала пасьля зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай.

Чалавек зьнік — і разам зь ім зьнікла юрыдычная асоба, празь якую ішлі пэўныя арганізацыйныя і фінансавыя моманты. Па-другое, патрэбныя слуханьні з Аб’яднаным пераходным кабінэтам, каб замацаваць супрацу з гэтай структурай.

І трэцяе — нам трэба арганізаваць і правесьці новыя выбары ў Каардынацыйную раду. Я лічу вельмі важным, каб гэтыя выбары адбыліся ў той жа форме — прамыя онлайн-выбары, дзе беларусы змогуць прыняць удзел. Над гэтымі пытаньнямі я пляную працаваць у бліжэйшы час.

«Разумею, што мяне будуць называць чалавекам Латушкі»

— Зараз пытаньне пра вашую супрацу з Паўлам Латушкам. Пра Анжаліку Мельнікаву гаварылі, што яна чалавек Паўла Латушкі. Вы таксама зь ягонай каманды, пра вас ужо пачынаюць гаварыць падобнае. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці?

— Па-першае, мне такое слухаць непрыемна, шчыра кажучы. Мне адмаўляюць у суб’ектнасьці. Я чалавек, які мае сваю думку і сваю пазыцыю, я магу яе выказваць. Але я разумею, што гэта спроба палітычнай гульні, палітычнага ціску на мяне і фракцыю. Спроба некаму давесьці, што фракцыя дрэнная. Але рашэньні ў фракцыі прымаюцца калегіяльна, усе могуць выказаць свае думкі.

Калі большасьць ня будзе падтрымліваць нечага, то рашэньне ня пройдзе. У Паўла Латушкі сярод 28 чальцоў фракцыі такі ж голас, як у іншых. Ёсьць уплыў, але ён такі ж чалец фракцыі, як іншыя. Калі хтосьці кажа, што нехта «чалавек Латушкі», то ён проста хоча абразіць гэтую асобу. Каму прыемна будзе гэта пачуць?

Думаю, гэта ўсё палітычная гульня. Разумею, што мяне будуць называць чалавекам Латушкі, але адмаўляюся ад такога тэзісу.

— Ці бачыце вы сябе ў беларускай апазыцыі ў далейшым? Вы ўжо сьпікер Каардынацыйнай рады, гэта даволі шмат. Якія ўвогуле маеце пляны?

— Зараз у мяне задача падрыхтаваць выбары ў Каардынацыйную раду чацьвёртага скліканьня. Канцэнтруюся на практычных задачах. Вельмі добра разумею, у якой сытуацыі зараз Каардынацыйная рада. Людзі хэйцяць яе. Іміджава мне складана.

Але я веру ў гэты інстытут. У будучыні яна можа ўдзельнічаць у зьменах, якія адбудуцца ў Беларусі, у якой бы форме яны ні адбываліся.