Пашкевіч: «Калі народу цяпер бульбу падавай у траўні, то ці пагодзіцца некалі траву жраць у імя захавання рэжыму?»

Гісторык — пра тое, што злуе Лукашэнку.

— Апошнім часам, можна сказаць, дня не праходзіць, каб ці сам Лукашэнка, ці хтосьці з ягонай чэлядзі не выказаліся пагардліва пра падуладны ім беларускі народ, — піша Алесь Пашкевіч. — Чаго толькі не наслухаешся: і працаваць не ўмеюць і не хочуць, і дзяцей не нараджаюць, і мужыкі «стапталіся», і на наяўнасць бульбы ў крамах тупому народцу не пофіг, і на з'яўленне новых мадэляў трактароў глядзяць з кіслымі мордамі, і Дзень перамогі святкуюць абы адбыць... Усяго і не перакажаш.

Алесь Пашкевіч

Думаю, ва ўсім гэтым праяўляецца найперш глыбокае раздражненне тым, што сістэма ручнога кіравання ўсім, якая фактычна вычарпала сябе яшчэ ў мінулым дзесяцігоддзі, праявай чаго па сутнасці стаў 2020 год, так і не запрацавала як гадзіннік нават пасля «навядзення парадку» шляхам жорсткіх рэпрэсій.

Лукашэнка, відаць, разлічваў, што зачыстка любой альтэрнатыўшчыны дасць ёй новы імпульс, а выглядае, што нічога падобнага. Ён гэта бачыць і ўнутры ў яго, мабыць, усё кіпіць.

Праблема ўпіраецца ў поўную маральную негатоўнасць Лукашэнкі — і гэта ўжо не змяніць, — да любога ўнутранага рэфармавання, акрамя як толькі закручвання гаек. Для яго словы «рэформы» і «перамены» — лаянкавыя.

У той час як падзеі 2020 года былі магутным сігналам таго, што жыць па-ранейшаму нельга, што трэба нешта мяняць зверху, калі гэтага так чакаюць знізу. І калі ўжо задушыць пратэсты сілай, каб застацца пры ўладзе, то пасля таго прапанаваць сваю ўласную праграму зменаў, якая ладную частку народа задаволіць і сістэму трохі асвяжыць.

Але на працягу ўсяго постпратэснага пяцігоддзя Лукашэнка не толькі нічога не мяняў на практыцы, але нават і не абяцаў гэтага рабіць. Уся публічная рыторыка скіраваная толькі на падкрэсліванне таго, як у нас усё добра пастаўлена і як важна гэта ўсё без зменаў — менавіта без зменаў! — захаваць.

Адзінае выключэнне — прыняцце новай канстытуцыі, да якога масы ад пачатку ставіліся абсалютна абыякава, бо канстытуцыя ў гэтай краіне практычна ўсю дарогу існуе толькі для прыліку. І якое прагназавана не змяніла абсалютна нічога на практыцы, як калісьці нічога не змяніла замена ў СССР сталінскай канстытуцыі на брэжнеўскую.

І вось цяпер, здавалася б, усё ўнутры краіны ідзе, як было да 2020-га. Ёсць адзін усёўладны лідар, які сам кіруе ўсім на свеце. У мінулым застаўся нават той непрацяглы перыяд у 2020-2021 гадах, калі ён быў публічна ласкавейшы са сваімі падначаленымі, не даваў ім такіх разносаў. Цяпер зноў дае ў хвост і ў грыву рэгулярна.

У той жа час у дачыненні нізоў вертыкальшчыкі не толькі не згубілі ніякіх паўнамоцтваў, але нават іх пашырылі. Бізнэс з нейкай хоць бы ўмоўнай самастойнасцю прыдушаны, структуры грамадзянскай супольнасці, якія нібыта толькі ставілі палкі ў колы, а нічога карыснага для ўлады і грамадства не стваралі, ліквідаваныя як клас.

Незалежныя СМІ ўсе ў бягах і брэшуць недзе з-за мяжы, ды іх ніхто ўжо, мяркуючы па афіцыйнай статыстыцы і рэляцыях адказных чыноўнікаў, унутры краіны і не чытае і не глядзіць, акрамя жалю годных адшчапенцаў — усе атрымліваюць інфу з дзяржрэсурсаў, давер да якіх нібыта ўзляцеў да нябёсаў.

Пры такіх раскладах то ўсе рашэнні ўладаў павінны былі б нібыта строга і дакладна выконвацца ды даваць прагназаваныя, а не нечаканыя эфекты. Тое ж ручное рэгуляванне цэнаў — чаму б яму ў новых умовах не працаваць? Калі ўсе настрашаныя і запалоханыя рэйдамі ГУБАЗіКа — то чаму б не перастаць нарэшце працаваць і эканамічным законам?

Аказваецца, нічога падобнага. Такія яны паганыя, што ўсё адно ты іх у дзверы — а яны ў акно. Рэгулюеш усё, рэгулюеш, дысцыпліну наводзіш, гады ўпарадкавання адзін за адным абвяшчаеш — а тут на табе, бульбы з цыбуляй няма, ды яшчэ і маладая расці не спяшаецца. На поўнач Мінскага раёна выехаў — там бардак. У космас турыстку запусціў — якога ражна, здавалася б, яшчэ трэба людзям для шчасця! — а народу такое адчуванне, што ўсё адно, няма ўсенароднага лікавання.

Актыў увесь губазікаўцы зашугалі і запалохалі, хто свяціўся да 2020-га і ў 2020-м — сядзяць як мышы пад венікам і піскнуць баяцца. Гэта як бы і добра. Але ж звычайныя людзі па-ранейшаму не такія і пужаныя — у тыктоках усялякіх ролікі з каментарамі раяцца, што і тут не так, і там не гэтак. І нават губазікаў не напасешся, каб кожнаму, хто ролік з гнілой бульбай у краме запосціў, даць прававую ацэнку...

Як жа тут не быць злосці на гэты чортаў народзец? І як жа ёй не выплюхвацца? На такі ж народзец немагчыма разлічваць, калі што якое. Калі яму цяпер бульбу падавай у траўні, то ці пагодзіцца ён некалі траву жраць у імя захавання палітычнага рэжыму, калі больш-менш спрыяльная для яго знешняя кан'юнктура раптам зменіцца? Пакістанцаў замест яго то завезці можна — але ці не створыць гэта новыя праблемы?

Карацей, кіпіць у катле пад крышкай, і клапаны для спуску пары, крыху расчышчаныя губазікаўцамі пасля 2020 года, трохі працуюць яшчэ. Але забіваюцца хутчэй, чым іх паспяваюць зноў чысціць. Таму і трывожна, таму і прабівае на лаянку. Нібыта і перамогу атрымалі, а спакою ўсё няма. Ды яшчэ ж і здароўе ўжо не тое зусім...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(16)