Рэдакцыя Hrodna.life звярнулася да чытачоў з просьбай пра падтрымку
Гродзенскі інфармацыйны партал апублікаваў зварот у сацсетках: каб працягнуць працу, рэдакцыі патрэбны грошы.
«Вы можаце сказаць, што беларускія медыі павінны эканоміць і больш эфектыўна выкарыстоўваць сродкі. Мы ўжо гэта робім. Мы аптымізуем працэсы, дзелім кошты з калегамі дзякуючы супольным праектам, абмяжоўваем выдаткі, піша каманда Hrodna.life.
Наш галоўны рэдактар ужо чацвёрты месяц працуе як валанцёр. Большасць нашай каманды — шматстаночнікі і зарабляюць на іншых працах, але не кідаюць гэтай, бо лічаць яе важнай для мясцовай супольнасці.
Вы можаце сказаць, што беларускія медыі павінны навучыцца самі зарабляць. Мы, наколькі гэта магчыма, працуем з рэкламадаўцамі і забяспечваем частку сваёй працы продажам рэкламы. І гэта не надакучлівая банерка на паўэкрана, а якасна зробленая натыўка: цікавыя рэдакцыйныя матэрыялы з інтэграцыяй рэкламных элементаў.
Але гэтага ўсё яшчэ не хапае для стабільнай працы.
Будуць ці не будуць існаваць беларускія медыі — залежыць выключна ад беларусаў: захочуць ці не захочуць яны падтрымліваць іх сваімі грашыма. Калі для вас важна існаванне выданняў, якія па-беларуску прасоўваюць уласную беларускую павестку і якія працуюць на блізкіх да рэальных беларусаў тэмах — падтрымайце нас.
У красавіку праз розныя каналы вы пералічылі нам 4% ад нашых штомесячных патрэб. Але калі б гэтаксама зрабілі яшчэ 100 чалавек, ахвяраваўшы ўсяго па 10 еўра кожны, то нашыя выдаткі былі б забяспечаныя ўжо на траціну! Гэта значыць кожны трэці матэрыял на нашых каналах з’яўляўся б дзякуючы вам!»
Дапамагчы Hrodna.life можна тут.
Читайте еще
Избранное