Шмат з тых, хто вырошчваў бульбу ў асабістых падсобных гаспадарках як падзаробак, значна зменшылі пасадкі альбо ўвогуле ад іх адмовіліся.
Селянін: «Бульба для калгасаў стратная, блытаецца пад нагамі, за яе на «Дажынках» не пахваляць»
Беларус, які займаецца сельскай гаспадаркай, распавёў Филину пра прычыны дэфіцыту бульбы ў краіне, справядлівы кошт і прагноз на ўраджай-2025.

— На мой асабісты погляд, праблема з бульбай пачалася раней, — распавядае фермер (імя не называем з прычын бяспекі суразмоўцы). — Для разумення пералічу, хто вырошчвае бульбу на продаж у Беларусі.
Найперш буйныя фермеры, якія спецыялізуюцца на бульбе. У іх і гатункі, і тэхналогіі, і сховішчы, і тэхніка, і вопыт, і галоўнае — зацікаўленасць.
Другія па значнасці, асабліва на кірмашах, — асабістыя падсобныя гаспадаркі. Есць трактар, саджалка, капалка, апрысківальнік, два-тры гектары зямлі — чаму б не пасадзіць бульбу. Гэтыя людзі працуюць недзе, а ў вольны час займаюцца вырошчваннем бульбы.
Трэція — калгасы.
Калі не лічыць некалькіх спецыялізаваных, бульба для калгасаў стратная, блытаецца пад нагамі, за яе на «Дажынках» не пахваляць.
Зноў жа незразумела, куды дзяваць некандыцыю ці лішкі ўраджаю — сучасная жывелагадоўля не прадугледжвае гатаванне бульбы на корм. То бок гэта для іх абуза. Ну і стаўленне адпаведнае.
Увогуле да мінулага года бульба была на кірмашах танная. І беларусы — што дачнікі, што сталыя жыхары весак — адмаўляліся ад традыцыйных пасадак бульбы. Навошта, калі можна пайсці на кірмаш ці паехаць да знаёмага фермера і без турбот купіць?
Дарэчы, як прадавец рассады скажу, што тая ж тэндэнцыя і па памідорах, і па капусце. Асабліва танная была бульба на восеньскіх кірмашах 2023 года. Прадавалі нават па 30 капеек. А ўвесну 2024 можна было набыць у фермераў і па 15 капеек, і нават па 10 капеек, што значна ніжэй сабекошту.
То бок плошчы пад бульбу зменшыліся, а ў 2024 быў перыяд засухі менавіта на час клубнеўтварэння. Не ўсюды і не па ўсіх гатунках, але гэта значныя страты і па ўраджаі, і асабліва па якасці бульбы. Ну і тут яшчэ вырас кошт у Расіі, хутчэй за ўсе з-за таго ж неспрыяльнага надвор’я. То бок супала адразу некалькі чыннікаў для росту кошту бульбы.
— Як вы агулам ацэньваеце захады, якія агучваюць улады: абмежаванне на вываз бульбы з краіны, коштавае рэгуляванне (пастановай Саўміна дазволілі павысіць цэны на асобныя віды гародніны), праверкі наяўнасці бульбы ў крамах, інспекцыі ў бульбасховішчы?
— Гэта ужо змагаюцца з вынікам. Улады павінны былі прадказаць гэтую сітуацыю яшчэ у 2023 годзе, калі бульба каштавала ніжэй сабекошту, і зрабіць пэўныя захады. Бо гэткія скачкі пры нерэгуляванай рынкавай эканоміцы (а па гародніне і бульбе ў нас так і ёсць) — норма.
Так было неаднаразова і з капустай, і з цыбуляй, і з буракамі. Проста не супадалі адразу некалькі фактараў для гэткага скачка кошту, як з бульбай.
Якія захады павінна было рабіць міністэрства сельскай гаспадаркі — не ведаю. Але вопыт, пэўна ж, ёсць у суседзяў. У іх, дарэчы, пры тых жа ўмовах надвор’я гэткага скачку не назіралася.
— Бульбяной праблемай займаліся ўрад, прэм’ер-міністр, два міністэрствы — антыманапольнага рэгулявання і сельскай гаспадаркі.
І пасля рэйду па крамах міністр сельскай гаспадаркі Горлаў казаў, што бульба ў крамах ёсць, хай сабе і пашкоджаная провалачнікам — праблемы ён у гэтым не бачыць. Ці норма гэта — пашкоджаная провалачнікам бульба?
— Безумоўна, пашкоджанне провалачнікам — гэта не норма. Гэта парушэнне тэхналогіі — севазварот, эканомія на пестыцыдах. Безумоўна, гэтую бульбу есці можна, але гэта неяк не па-гаспадарску. Як бы МТЗ выпускаў трактары дрэнна пафарбаваныя, іржавыя, без шкла. Яны то працаваць будуць, але...
— Ці трэба агулам кантраляваць уладам вырошчванне, захоўванне і продаж бульбы? І чаму нават пад пугай з боку чыноўнікаў мы апынаемся ў сітуацыі, калі бульба знікае з крамаў і дрэннай якасці?
— Я ўпэўнены, што не трэба рэгуляваць ураду вырошчванне, захаванне, продаж бульбы і іншай гародніны. Так, кантраляваць, так бы мовіць, трымаць руку на пульсе неабходна. Але толькі для таго, каб ствараць умовы.
Лезці да тых, хто працуе, асабліва ўласнікаў, не толькі не трэба, але і шкодна.
У Мінсельпродзе, абласных, раённых упраўленнях сельскай гаспадаркі працуюць выхадцы з калгаснай сістэмы. Яны не толькі не разумеюць, як жыве селянін-уласнік, фермер, але і ставяцца да іх з пагардай. Таму яны не могуць імі не толькі кіраваць, але нават зразумець.
Для таго, каб сістэма зразумела нас, яна павінна ставіцца да нас не як да чагосьці другаснага, а то і шкоднага, а як да тых жа вытворцаў сельгаспрадукцыі, што і калгасы. Так, са сваімі асаблівасцямі, якія патрэбна ўлічваць. Без гэтага будзе толькі шкода, як яны улезуць са сваім рэгуляваннем.
— Які сёння справядлівы кошт на бульбу і іншую гародніну, якую вы вырошчваеце?
— Наконт справядлівага кошту — гэта з якога пункту глядзець. Калі з пункту гледжання марксавай эканомікі — кошт несправядлівы — значна завышаны. А як з пункту гледжання рынкавай эканомікі — справядлівы. Бо ў гэты кошт укладзеныя і страты мінулага сезону, і магчымыя страты ў будучым сезоне.
А калі казаць пра справядлівы кошт, калі усё адладжана, то думаю, гэта 80 капеек-адзін рубель за кіло. Я не спецыяліст у бульбе, але думаю, што недзе так для нашых умоў.
На гародніну, што асабіста мы вырошчваем (ранняя капуста, агуркі, памідоры) мінулым сезонам лічу кошт справядлівым. Хоць і шмат было нараканняў на дарагую гародніну, але мы й не разбагацелі. Кошт годны быў для нас.
Лічу, што гэты «плач», маўляў, як усё дорага, ад таго, што гараджане прызвычаіліся да вельмі таннай сельгаспрадукцыі.
Увогуле пытанне справядлівага кошту — склізкае. З пункту гледжання вытворцы справядлівы кошт адзін, а з пункту гледжання пакупніка — другі.
Лепш сказаць, ці выгадная гэта справа — працаваць на зямлі. І лепшы паказчык — ці жадаюць тыя, хто працуюць на зямлі, гэтакай жа долі сваім дзецям. І калі адкінуць Століншчыну, то ніхто з маіх знаёмых не жадае, каб іх дзеці ішлі іх шляхам. Значыць, не такая і выгадная гэта справа.
Не, безумоўна, можна зацікавіць і нематэрыяльнымі каштоўнасцямі. Але нейкі базавы дабрабыт павінен быць без надрыву жылаў. А гэтак у нас не атрымоўваецца.
Ну, а прадаем мы, безумоўна, па рынкавым кошце. Мы ж і гандлюем на рынку. Іншая справа, якія фактары ўплываюць на гэты рынкавы кошт.
— Чаму ў мінскіх крамах вясной часцей можна сустрэць раннюю капусту, прывезеную з Узбекістану, чым беларускую?
— Наконт капусты з Узбекістану, Казахстану — гэта нармальна. На гэты час у Беларусі, нават на поўдні, атрымаць таварныя качаны можна толькі ў парніках. У той жа час у названых краінах вегетатыўны перыяд, як у нас, напрыканцы чэрвеня — пачатку ліпеня.
У нас у гэты час аптовы кошт капусты не болей за 10 цэнтаў. Няхай дастаўка з Узбекістану падыме гэты кошт найбольш у тры разы, то бок з дастаўкай каля рубля за кілаграм.
Безумоўна, наша з парнікоў будзе значна даражэйшай. Бо ёсць больш выгадныя культуры, каб заняць месца ў парніку. А вось напрыканцы мая —пачатку чэрвеня пойдзе нашая капуста. Так і з іншымі сезоннымі прадуктамі.
— Які ваш прагноз на восень — ці будзе тая ж бульба і іншая гародніна з «баршчавога набору» на прылаўках у крамах?
— Прагноз на восень — справа няўдзячная. Залежыць ад надвор’я, ад таго, як будуць справы у Расіі. Ад гэтага вельмі шмат залежыць.
Скажам, кошт тых жа гуркоў фарміруе базар у Гальшанах, а ў іх кошт залежыць ад таго, прыедуць расійскія фуры на закуп і колькі. Але калі надвор’е надалей будзе больш-менш нармальным, то бульбы будзе дастаткова.
Больш баюся перавытворчасці, улічваючы, што і тыя з уласнікаў зямлі, хто не садзіў бульбу, збіраюцца садзіць, і калгасы павялічаць плошчы. А для вытворцаў перавытворчасць значна горш, чым недарод.
— Прадпрымальнік і былы чыноўнік Мікалай Лысянкоў у інтэрв’ю «Салідарнасці» выказаў меркаванне, што вынікам веснавых замаразкаў у Беларусі стане тое, што не будзе ўраджаю яблык. Ці згодныя вы з ім?
— Яблыкі будуць. Яблыні ўсе ж цвілі пазней гэтых замаразкаў. Больш пашкодзіла костачкавыя, якія рана цвілі. Дзесьці пашкодзяцца грушы, дзесьці і яблыкі, але не катастрафічна.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное