Таму мы і плануем пераконваць, што беларусы — спеўная нацыя і агулам мужчынская традыцыя спеваў мае месца быць, па-свойму цікавая і унікальная.
Сяржук Доўгушаў: «Лятаю з гастролямі па ЗША, а адчуванне, што лётаю на маршрутцы з Бабруйска ў Менск ці Полацак»
Як гучаць мужчыны, пра Каляды і Купалле ў Амерыцы і што ратуе ад хандры, «Салідарнасці» распавёў музыка, папулярызатар беларускай культуры і кіраўнік «Дома Творцаў» Сяржук Доўгушаў.
— Сяржук, вы з 2021-га кіруеце «Домам Творцаў» у Варшаве. І чула, што жывяце на дзве краіны — паміж Злучанымі Штатамі і Польшчай. Як атрымліваецца, ці задаволены і што самае складанае ў такім жыцці?
— Я з’ехаў з Амерыкі ў лютым 2023-га. Жыў там паўтары гады пасля таго, як з’ехаў з Беларусі. Але ж у выніку перабраўся з ЗША ў Польшчу. Тут сям’я і асноўная дзейнасць.
У Амерыку лётаю раз на паўгады: зімой праводзіць Каляды, а ў чэрвені – Купалле ў Філадэльфіі, Вашынгтоне і Каліфорніі.
Але ў Варшаве мне камфортней, тут шмат сяброў і знаёмых, вельмі багата пераехала беларусаў. Тут пачаўся і мой «Дом Творцаў», пачаліся мае «Касары» — мужчынскі калектыў народных спеваў.
Польшча — вельмі добрае месца для папулярызацыі нашай культуры. Варшава стала другім Менскам па колькасці беларускіх культурніцкіх падзей.
Амерыка добрая тым, што там ёсць грошы. Культурай у эміграцыі не заробіш. Напрыклад, ёсць у мяне два выходных і можна дзесьці падпрацаваць. У Польшчы гэта складаней. А ў ЗША можна пайсці на любую працу, каб падзарабіць ў дзень 150-200 даляраў. Яшчэ ў Амерыцы працаваў на Uber, а ў Польшчы для гэтага трэба правы замяніць, іншыя нюансы.
У Беларусі для мяне зараз небяспечна, і я не магу мірыцца з тым, што ўсё пад забаронай. Плюс савецкая ідэалогія. Я з гэтым папросту не магу быць, жыць.
Каб арганізаваць канцэрт у Беларусі, трэба прайсці ідэёлагаў, атрымаць дазвол, здабыць «гастролькі». У Польшчы такога няма.
Але з іншага боку, ты не прызвычайваўся ніколі да такога жыцця, дзе ўсё дазволена.
— І мо некаторыя нават не вельмі разумеюць, што рабіць с гэтай свабодай.
— Так, мы ўсё роўна адчуваем сябе іншымі. Некаторыя дрэнна валодаюць мовамі і з-за гэтага нават бывае адчуванне чалавека другога гатунку.
Думаю, гэта агулам такі наш дыягназ, людзей постсавецкай прасторы. Дакладна беларусаў, бо нас шмат гадоў трымалі ў цісках, шмат чаго забаранялі.
У Беларусі я прыяжджаў у Бабруйск ці Магілёў і там вось толькі такая пляцоўка для канцэрта. А тут ты можаш дамовіцца з любой. Але ж тут такая колькасць усяго адбываецца небеларускага!
У Беларусі наш калектыў быў экзотыкай. І людзі збіраліся на нас у процівагу расейскаму. А тут шмат розных цікавых імпрэзаў. Шырэй выбар, але ж і канкурэнцыя больш.
У Беларусі я рабіў і фэсты, і канцэрты, і «Спеўныя сходы».
А тут часам шмат чаго проста не хочацца, таго што ў Беларусі хацелася.
— Мо гэта пра адсутнасць унутранага рэсурса, нейкіх нават дэпрэсіўных эпізодаў? Калі не хочаш вылезці са сваёй норкі. Бо, здаецца, увесь час нечага чакаеш.
— Так, гэта ўжо пра ўнутраную эміграцыю. Быццам мы і выехалі, і шмат чаго тут можна рабіць, але ж часам хаваемся у норку, жывем ціхенечка.
Таму і пераключыўся на праектную працу, выдавецкую і укладальніцкую дзейнасць. Зараз выходзіць чарговая кніжка «Беларускія Калыханкі» і планую гэту справу пашыраць. А вось на сцэне і ў канцэртах сябе не бачу.
— Гэта вы пра тое, як некаторыя казалі: «Не да спеваў зараз»?
— Зараз у нейкім сэнсе я лепш жыву, чым жыў у Беларусі, нават матэрыяльна. Але ёсць адчуванне дрэва, вырванага з каранямі. І пакуль гэтыя карані прыжывуцца... А з трэцяга боку думаеш: «А навошта мне тут прыжывацца?»
«Беларусь — гэта людзі, я гэта вельмі моцна адчуваю: «Там, дзе мы, — мы ствараем сваю Беларусь»
— У студзені 2025-га, ды і да той пары, вы ездзілі з Калядным турам па некалькіх амерыканскіх штатах.
— Так, было мо дзевяць штатаў. Дзе б я ні быў, у любой краіне ўсё роўна знаходжу беларусаў.
Я лятаю з гастролямі па ЗША, але адчуванне, што лётаю на маршрутцы з Бабруйска ў Менск, а адтуль у Полацак. Што я ўсё роўна езджу па Беларусі. І ў гэтым адчуванні мне камфортна, бо я адчуваю сябе дома.
У мяне была вялікая валізка, куды я грузіў мядзведзя, казла, калядную зорку. І казаў, што «я важу з сабой Беларусь».
— Алег Гарбуз нядаўна распавёў, што Беларусь у сэрцы і заўсёды побач. І мы ўсё роўна застаемся дома, нават калі яго больш няма.
— Не, ён дзесьці ёсць, але на іншай планеце. Мы перанесліся на чужую планету і назіраем за сваёй: вось маленькае дрэўца, вось вёсачка.
Для мяне Беларусь — гэта людзі, я гэта вельмі моцна адчуваў і адчуваю: «Там, дзе мы, — мы ствараем сваю Беларусь». І я вельмі ўдзячны ўсім, хто мяне афігенскі прымаў на ўсіх маіх гастролях. Гэта вельмі каштоўна.
— Аляксандр Гойшык казаў пра амерыканскіх беларусаў, што калі яны дасягнулі пэўнага ўзроўню, падняліся над чаркай-шкваркай, ім стала цікава: што адбываецца дома? А дома раптам адбываецца сталін-гулаг, 37-ы год.
— Беларусы раней ці пазней прызвычайваюцца і мяняюцца ў залежнасці ад краіны і таго асяроддзя, у якім жывуць. Польшча значна бліжэй да Беларусі, таму я і выбраў яе: адчуванне, што вельмі блізка да дома.
А ў Амерыцы я не бачыў асаблівага смутку ў беларусаў, асабліва ў тых, хто пражыў больш за 5-10 гадоў. Але Беларусь застаецца для іх важнай, яны ахвяруюць грошы на беларускія кніжкі, беларускую культуру. Дзякуючы такой супольнасці і узаемадапамоге, падтрымцы нашай культуры — мы і маем гэтую культуру, на якую нельга забыцца. Беларусы і ёсць гэта культура.
— Калісьці вы прыдумалі «Спеўныя сходы», каб паказаць, што беларускія песні можа спяваць кожны беларус. Ці дапамагаюць вам і іншым беларусам народныя спевы зараз ў эміграцыі?
— Не скажу, што агулам з выступамі ў Польшчы горш, а ў Беларусі было лепш. Справа ў тым, што там я быў адным, а тут ужо іншы. А я ўсё роўна чапляюся за тое, ці хачу вярнуцца да таго, якім быў у Беларусі.
Я паспрабаваў тут зрабіць «Спеўныя сходы», але такой зацікаўленасці тут ужо няма. Быццам бы сыходзіць эпоха, праходзіць час і няма такога водгуку, як ад «Сходаў» у Беларусі, куды прыходзіла 300 чалавек. І ў мяне адразу губляецца цікаўнась іх праводзіць.
Гэта менавіта мой унутраны псіхалагічны момант, калі хочацца вярнуцца да таго, што было. Гэта як чалавек, які выйшаў з турмы і яму хочацца вярнуцца да таго моманту і таго сябе, як да турмы. І гэта вельмі моцная псіхалагічная траўма.
І усё роўна трэба ісці далей, цягнуць гэту нітачку, якая пачыналася ў Беларусі, але мы яе цягнем далей, праз іншыя краіны. Так утварыўся мой мужчынскі гурт народных спеваў «Касары».
Я пачаў рабіць і развіваць ужо новую плыню, новы накірунак — мужчынскія спевы. У Беларусі дакладна не было такой супольнасці. І, магчыма, калі б мы былі ў Беларусі, мы б не сустрэліся.
Мы шмат дзе выступаем, запісваем свой першы альбом. І чым больш такіх новых плыняў будзе з’яўляцца, тым больш наша эмігранцкае беларускае жыцце будзе напаўняцца сэнсамі, важнасцю і станавіцца добрым унёскам у нашу традыцыйную культуру.
«Усе прывыклі, што «мужчыны не плачуць». Так, бо яны спяваюць!»
— А чаму менавіта мужчынскі калектыў? Бо беларускія народныя спевы больш асацыююцца з жанчынамі.
— Так, гэта пытанне вісела яшчэ ў Беларусі, таму з праектам «Традыцыя» мы выдалі альбом «Мужчынская традыцыя спеваў».
І так, традыцыйныя народныя песні часцей за ўсё спявалі жанчыны. І заўсёды было пытанне: «А якія песні спявалі мужчыны?» На жаль, гэтая традыцыя ў нас калісьці перарвалася.
І вось жаданне паспрабаваць, сабраць мужчынскую группу нарадзілася ўжо ў Польшчы. І атрымалася!
У Амерыцы мы пакуль не выступалі, а ў Польшчы ў нас шмат канцэртаў, выступаў на фестывалях. А каб вы чулі, як рэагуе публіка на народныя мужчынскія спевы!
Мы папулярызуем гэту традыцыю на святах, сваіх днях народзінаў, калі ідзем у кавярню ці рэстарацыю і пачынаем спяваць. І адразу падыходзяць людзі, пытаюць, адкуль мы, і што за гурт.
Калі адказваем, што з Беларусі, адразу такая паўза. Бо думаюць, што мы украінцы, грузіны ці балгары.
Бо ў мужчынскіх спевах таксама ёсць свая тэрапія. Як жанчыны калісьці спявалі ў цяжкія часы, ды колькі там было болю і ўсяго пражытога, напрыклад у жніўных, сіроцкіх песнях. Мужчын забіралі ў рэкруты на 25 гадоў, вайна і ўсё астатняе. І ўсе прывыклі, што «мужчыны не плачуць». Так, бо яны спяваюць!
Плач можа прайсці ў песні, асабліва ў рытмічнай. Гэта таксама можа быць і малітва, і сувязь з сабой, і агулам гэта еднасць паміж мужчынамі ў калектыве. Шмат розных і тэрапеўтычных уплываў. Бо ад спеваў дакладна становіцца лепш, больш гарманічнае жыццё, ад спеваў мы адзін аднаго чуем і адчуваем.
— У верасні мінулага году вы збіралі сродкі для аплаты арэнды «Дома Творцаў», які створаны ў Варшаве для падтрымкі рэпрэсаваных культурных дзеячаў. Збіралі каб «працягнуць нашу працу і захаваць усё, што мы зрабілі раней».
— Праблема застаецца, бо няма стабільнага фінансавання. Калі б гэта быў Дом культуры на дзяржаўныя сродкі, бо займаецца развіццём і падтрымкай дзеячаў культуры, то была б іншая справа.
За мяжой, напрыклад, у Філадэльфіі ёсць напрыклад Літоўскі такі цэнтр на 1000 чалавек. І гэта зроблена не толькі на грошы эміграцыі, але і дзяржавы.
Але мы не можам папрасіць дапамогі ў палякаў, мо толькі на нейкія праекты. Утрымліваць гэты дом — патрэбны сродкі. Зараз нам зноў прыляцела аплата камуналкі, на якую мы не маем ніякага фінансавання. Газ, святло, вада ў месяц каштуюць каля 500 эўра.
Мы запусцілі збор, і не такі, што дайце грошы. Гэта збор з паслугамі, нас людзі падтрымліваюць і за гэта атрымоўваюць падарункі, ці набываюць нейкія лоты. Гэта ці заняткі па спевах, ці музычныя заняткі, можна набыць у мастакоў карціны.
— Што было самым складаным у вашай эміграцыі?
— Амерыка была складанай не толькі з-за таго, што дрэнна ведаў мову. Давялося зарабляць фізічнымі справамі. Папрацаваў і ў сталярцы, і грузчыкам. І не лічу гэта праблемай. Больш пачаў рухацца, больш на нагах. Цаніць больш свой час і працу.
У нейкім сэнсе стаў больш «каменным». Штосьці мо і згубілася, час пакажа.
Выйсце адно: выходзіць у свет, камунікаваць з жыхарамі новай краіны. Каб пачынаць існаваць шырэй і далей, жыць не толькі з беларусамі і для беларусаў. Рабіць тое, на што здольны і не чакаць адзнак: ні добрых, ні дрэнных.
Мяне ратуе і агулам дапамагае слова «дзейнічаць». Калі пачынаю хандрыць ці з’яўляюцца прадвеснікі дэпрэсіўнага стану, пачынаю знаходзіць тое, што будзе мяне падахвочваць нешта рабіць. Адпускае, калі адчуваю, што ствараю нешта, што зрабіў важнае. А гэта можа быць што заўгодна, можна дапамагчы хвораму чалавеку.
Неўзабаве ў мяне выйдзе кніжка калыханак, якую я прысвяціў дачцэ. А потым будзе кніжка «Лірніцкая традыцыя». Пра нашых беларускіх лірнікаў, традыцыі вандроўных спевакоў, што неслі гукі колавай ліры з вёскі ў вёску, спяваючы малітвы, псальмы, баллады. Іх можна было сустрэць на кірмашах, каля храмаў, у вясковых дварах. Іх песні былі часткай тутэйшага жыцця, а іх постаць — знаёмай і важнай фігурай на культурным даляглядзе беларускай вёскі.
Кніжка плануецца на аснове маёй магістарскай працы пра традыцыі лірнікаў Беларусі. Я скончыў Акадэмію навук, праца ляжыць, і я вырашыў што кніжка павінна выйсці, каб пабачыць свет і беларусаў.
Читайте еще
Избранное