Политика

Віктар Бабарыка адказаў на пытанні Мікіты Мелказёрава, які той сфармуляваў да яго два гады таму

Завочнае «інтэрв’ю» на саракавіны з дня смерці журналіста.

Два гады таму, у відэа, знятым да 60‑годдзя тады зняволенага палітыка Віктара Бабарыкі, аўтар відэаканала «Жыццё-маліна» Мікіта Мелказёраў сфармуляваў тры пытанні да яго. Сёння Віктар Бабарыка апублікаваў у Фэйсбуку свае адказы.

Віктар Бабарыка пасля вызвалення. Фота: Радыё Свабода

— Наколькі лёгка ці цяжка захаваць веру ў людзей?

— Захаваць веру ў людзей лёгка, калі ты разумееш, што ў любых абставінах і асяроддзі, дзе б ты ні апынуўся, і дзе вакол цябе не вельмі добрыя і прыемныя людзі, колькасць гэтых людзей мізэрная. У параўнанні з той колькасцю, з якой табе пашанцавала сустракацца ў жыцці.

— Наколькі лёгка ці цяжка захаваць веру ў Беларусь?

— Захаваць веру ў Беларусь таксама лёгка, таму што для мяне Беларусь — гэта беларусы. А яны, у сваёй большасці, шчырыя, добрыя і неабыякавыя да іншых людзей. І гэта нягледзячы на тое, што сёння за гэтую дабрыню і павагу многія з іх праходзяць праз катаванні.

— Наколькі лёгка ці цяжка не зламацца?

— Не зламацца цяжэй. Таму што калі ты не ведаеш нічога аб тым, як выглядае свет і як ён да цябе ставіцца, калі табе кажуць, што ты нікому не патрэбны і ўсе пра цябе забылі, калі аб гэтым сведчыць усё наўкола, то гэтыя не фізічныя, а псіхалагічныя катаванні вельмі непрыемныя. Аднак адзіны сродак пераадолець гэта — разуменне, што ведаць — не заўсёды важна. Большую ролю мае вера ў тое, пра што я адказаў у першых двух пытаннях.