Як аднаўляецца пасля аперацыі Аляксандр Мілінкевіч

Іна Кулей распавяла пра здароўе мужа.

Аляксандр Мілінкевіч

Паводле яе словаў, пакуль ён ляжачы хворы.

«Ён спрабуе сесці, але ўтрымаць гэты стан цяжка, цягліцы слабыя, — напісала Іна Кулей. — У яго рухаецца ўсё акрамя левай рукі, яна чуйная, але пакуль амаль нерухомая.

З ім можна камунікаваць — дзе словамі, дзе жэстамі, дзе вачыма. Аляксандр слухае падкасты і інтэрв’ю, мы пераказваем яму навіны, паказваем відэа і фота».

Як напісала Кулей, за гэты месяц Аляксандр Мілінкевіч паспеў і ў ізаляцыйнай палаце паляжаць, і ў інфекцыйным аддзяленні. Прычына —унутрышпітальныя бактэрыі.

Жонка Мілінкевіча дзякуе дактарам, асабліва доктарцы Анастасіі, «якая не толькі лячыла Аляксандра, але і проста размаўляла з ім па-беларуску, бо яна нашая, з Беларусі».

«На той час больш гаварыла яна, а Аляксандр толькі слухаў. Сёння і ён гаворыць, пакуль шэптам і, на жаль, мы не ўсё здольныя зразумець. Лягчэй разумеюцца штодзённыя рэчы, бо іх можна суправаджаць жэстамі. А каб разумець усё трэба ўмець чытаць па вуснах».

Іна Кулей адзначае, што рэабілітацыя яе мужа будзе складанай, даўгатэрміновай. «Наколькі будзе ўдалай — ведае толькі Госпад Бог».

Адзіны кандыдат у прэзідэнты ад аб’яднанай апазіцыі ў 2006 годзе, а таксама дарадца Святланы Ціханоўскай і заснавальнік ВБЎ Аляксандр Мілінкевіч у лістападзе перанёс аперацыю на соннай артэрыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(7)